КО́ЛАСАЎСКІ ЗАКА́ЗНІК.

Засн. 22.9 1972 у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. з мэтай захавання прыроднага комплексу мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Агульная пл. 269 га. Уключае тэрыторыю, прылеглую да Смольні (113 га, каля в. Мікалаеўшчына, сюды паэт неаднаразова прыязджаў, у 1912 тут адбылася першая яго сустрэча з Я.​Купалам), Альбуці (89 га, дзе Я.​Колас жыў у 1890—1902 і якую ён апаэтызаваў у паэме «Новая зямля»), Ластку (47 га, дзе прайшлі дзіцячыя гады паэта — 1885—90; гл. ў арт. Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), урочышча Бервянец (Дубы; 20 га, маляўнічая мясціна на беразе Нёмана, апісаная Я.​Коласам у шматлікіх творах). У 1990 на тэр. заказніка адкрыты маст.-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», які пачынаецца каля мемарыяльнай сядзібы Акінчыцы, налічвае больш за 40 драўляных скульптур па матывах твораў Я.​Коласа.

З.​М.​Хамароўская.

Коласаўскі заказнік. Мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа». Фрагмент.

т. 8, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)